Jun 30, 2013

Узялі моду

Калі горад ужо задумаўся пра спрыяльную інфраструктуру для пешаходаў і раварыстаў, але пакуль вяла і нясьмела — ёсьць правераны і надзейны шлях: рабіць яе падчас рамонту вуліц. Адслужыў асфальт сваё — прыйшлі, паламалі і зрабілі як сьлед — для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Менскае кіраўніцтва робіць прагрэсіўныя заявы пра раварызацыю сталіцы, але на справе нават ня топчацца на месцы, а здае назад. Што там заікацца пра новыя веладарожкі — апошнімі гадамі ўзялі моду рабіць капітальны рамонт праезнай часткі, не зважаючы на ходнікі, у якім бы стане яны ні былі.

Верагодна, моцныя гаспадарнікі пры ўладзе, думаюць, што ашчаджаюць капейчыну. Насамрэч яны пасылаюць сыгнал двум мільёнам беларусаў: гэй вы, у Менску яшчэ дужа мала аўтамабіляў, купляйце хутчэй і кідайце дзе абы — мы заплюшчым вочы — бачыце ж: аўтобусы перапоўненыя, ходнікі разбураныя, раварысты бяспраўныя. Калі мы й будзем паляпшаць умовы руху па горадзе, то толькі для машын, а ровар можаце прывезьці на выходных на якую пакручастую веладарожку і пагойсаць туды-сюды, калі дзяцінства з галавы ня вылецела.

Вуліца Сьвярдлова. Сьвяжуткі асфальт — машынам. Раварысты едуць па сьцежках у насыпе! (Пераход на той бок Сьвярдлова, дарэчы, — 500 м і 2 падземныя пераходы — чым не красамоўны ўрбаністычны стымул).






Кашмар на вуліцы Сталетава скончыўся толькі для аўтамабілістаў. Бугрыста-выбоістыя ходнікі праслужаць яшчэ сто лят?






Вуліца Сурганава. Элітныя навабуды, Акадэмія навук, батанічны сад і спартовы комплекс... Ну, вы ўжо зразумелі, што горад хоча, каб вы туды ехалі не на ровары. Хай нават стаяць у заторы — але на новым асфальце. На раструшчаным асфальце ходнікаў ці недавынішчанай траве можна і варта ставіць машыны — іх жа так нестае сталіцы.




Радыяльная вуліца. Цераз правалы ў ходніку можна назіраць за цягнікамі. Летась тут міма праяжджаў прэзыдэнт, і самыя вялікія дзіркі насьпех заляпілі, той цяп-ляп, ясная справа, неўзабаве высыпаўся на дахі электрычак. Цяпер ходнік распаўзаецца ў розныя бакі, пакуль для аўтамабілістаў паліруюць навюткі асфальт. Як вынік мудрай эканоміі павялічыўся велатрафік па праезнай частцы.




Гэткая ж гісторыя на вуліцы Філімонава. Па новым асфальце праскочыць яе можна зь ветрыкам на хуткасьці 50. Так, на ровары — не па ходніку, вядома. Зрэшты, гэта яшчэ ходнік яшчэ ці ўжо «ямнік»?



Эталонам чыноўніцкай ашчаднасьці зьяўляецца дрыгва ўздоўж праспэкта Дзяржынскага ад Уманскай да Чыгуначнай. Праезную частку адкрылі яшчэ летась, а раварысты, а пешаходы... «А что там пешеходы...»



No comments:

Post a Comment