Apr 19, 2013

Сьвежавыяўленыя веластаянкі, красавік 2013

Судмаліса, 18, «Пуцейная» крама. Брак і грошы на вецер
«Гіпа», Максіма Гарэцкага, 2. Колаўторквалка, карыстацца якой можна, але ня хочацца
Ня тое што П-падобнай веластаянкай за вуглом ля кавярні
Рублёўскі на Шаранговіча, 25 паставіў ля заўсёдных чэргаў да банкамата на рэдкасьць ідыёцкую колавырывалку
Але сэрвіс-цэнтар на Харкаўскай, 76 пераплюнуў нават «Рублёўскі»
Такой адчайна шкоднай колаўторквалкі яшчэ трэба пашукаць
Клон колавырывалкі ад забягалаўкі на Судмаліса раптам аказаўся ля пантастага з выгляду бізнэс-цэнтра на былой Дразда
Машэрава, 76. Бізнэсоўцы ў ганітурах, фасад у зацемненым шкле — і адна з самых ідыёцкіх колавырывалак
А вось фірмовыя веластаянкі Мак-Дональдса — П-падобныя. Праўда, 2 штук малавата
Элемэнтарна, проста, унівэрсальна і наўрад ці даражэй за якую-кольвек колавырывалку
Ну і на канец — як карыстацца дурацкімі колаўторквалкамі. Сорамна прызнацца, але гэтая стаіць ля адной з самых лепшых роварняў у сталіцы. 

Apr 14, 2013

Велабан ля «Арэны» «аптымізавалі»

Днямі на праспэкце Пераможцаў, 84 адчыніўся гандлёвы комплекс «Арэна». Добрая навіна — веладарожка ля яго засталася. Кепская — на ёй стала болей бардзюраў і немінуча стане болей пешаходаў.


На велабан нават спэцыяльна вывелі пешаходную дарожку.



Заезд на паркінг без руйнаваньня веладарожкі сьвяцілы архітэктурнай думкі зрабіць не змаглі, таму велабан тут адмянілі. Заезд і выезд традыцыйна аформілі чатырма шэрагамі ненарматыўна пакладзеных бардзюраў. Балазе, яны ўжо месцамі расьцярушыліся.

Разьметкі велапераезду няма, таму паводле правілаў дарожнага руху раварыст мусіць тут двойчы сьпешыцца.



Сходы з «Арэны» выводзяць проста пад колы раварыстаў. Ніякіх перасьцярог, ніякіх знакаў, ніякай разьметкі. З насыпу сьцякае гразь.

На гэтым участку велабану цяпер запраграмаваны канфлікт між раварыстамі і пешаходамі. Інтарэсы раварыстаў і бясьпека пешаходаў праектавальнікамі пад увагу, відавочна, не браліся.

Apr 2, 2013

Веластаянка на Чычэрына, 5



Дзьве пачварныя колаўторквалкі стаяць ля 2-га корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Штодня міма іх ходзяць людзі, якія, здавалася б, выдатна разумеюць значэньне слоў «гармонія» і «какафонія».