Aug 17, 2014

Усе раварысты любяць колаўторквалкі


Upd.

Велапаласа на Ангарскай

У Менску працягваецца летні бум маляваньня велапалос. Чарговая — на Ангарскай. Пачынаецца ад «Бакальскага» ўнівэрсаму і троху не даяждждае да Несьцерава.

На жаль, на звычайных ходніках гэтая разьметка не вырашае нічога. Сем’і ды кампаніі будуць гуляць па ўсім ходніку, як і раней, а сагнаныя з праезных частак раварысты — спрабаваць іх аб’ехаць таксама хоць дзе-небудзь.

Шкада, што гэтак разрэклямаваная канцэпцыя раварызацыі сталіцы рэалізуецца фарбаваньнем ходнікаў — спадзеў быў хоць на крыху больш істотную працу.

Не разумею толькі, чаму гэтая канцэпцыя разьлічаная на гады. Такім спосабам Менск можна вывесьці ў сусьветныя лідэры па веладарожках сіламі жэсаўскіх маляроў за месяц які.




View Менскія веладарожкі in a larger map

Aug 13, 2014

Велапаласа на Пуліхава, Андрэеўскай і Захарава



Атрымалася літара П па раёне. Калі паспрабаваць выехаць з раёну, то сустрэне Смаленская вуліца — бяз ходніка з аднаго боку зусім і з найвялікшымі ў сталіцы бардзюрамі з боку іншага.

А што да літары П, то на левай яе ножцы, вуліцы Захарава, ходнік вымагае рамонту ня першы год. Але лінію накрэсьлілі па чым было: па ямінах, выбоінах і нават высачэнных бардзюрах, як каля скрыжаваньня зь Першамайскай.

Зрэшты, усё як заўжды.

Aug 12, 2014

Атрымай, сталіца, велапэндзля!



У Серабранцы пастаўлены на паток стаханаўскі мэтад перавыкананьня пляну па раварызацыі сталіцы нашай радзімы!

Упершыню працоўны подзьвіг прадэманстравалі добраўпарадкавальнікі вуліцы Малініна, дзе замест адной велапаласы зрабілі тры, перавыканаўшы плян на 300%!

На вуліцы Кабушкіна большую частку ходніка аддалі аматарам экалягічнага і спартовага перасоўваньня, справядліва прадбачыўшы, што эканамічна неэфэктыўным пешым спосабам будуць карыстацца з кожным годам усё меней рэтраградаў і даўншыфтэраў.

А цяпер знак новай эры прынёс мэханічны пэндзаль на вуліцу слаўнага маршала Ракасоўскага! Тры велапаласы рытмічным поступам прагрэсу выцясьняюць на ўзбочыну жыцьця целяпуноў, таптуноў ды бяз-справы-бадзякаў!

Грамадзянін! Купляй хутчэй ровар, а лепей тры!

Раварыст! Цані яміны ды крывы асфальт! Трэніруй лыткавыя цягліцы! Шануй бардзюры! Іх робіць твой сусед-пралятар!

Пешаход! Ідучы па велапаласе, ты ідзеш упрочкі ад сьветлае будучыні!

Разам выведзем рэспубліку на першае месца ў сьвеце па белых лініях!

Веладарожка ў чыжоўскім парку

Нягледзячы на пару звыш меры крутых паваротаў, у чыжоўскім парку амаль атрымалася веладарожка, якой можна карыстацца як транспартнай — па дарозе ў Чыжоўку-6.

Але не дацягнулі некалькі мэтраў да вуліцы Галадзеда і закруглілі дарожку ў полі.

«Па-велабаннаму» зробленая й дарожка ўздоўж вадасховішча, нават сэрпантын пабудаваны. Але чамусьці раварыстам яе вырашылі не аддаваць. Ну й тае бяды — усё роўна ўсе езьдзяць і ходзяць, дзе хочуць.



View Менскія веладарожкі in a larger map

Aug 11, 2014

Роварны рэбус на Кабушкіна

На Кабушкіна ў гонар прамінулага хакейнага чэмпіянату зрабілі шырачэнную вуліцу з шырачэннымі ходнікамі.

Ходнікі тыя кагадзе разьлінавалі. І як гэта ні неверагодна гучыць, шырэйшая палова — гэта велапаласа. Ну, прынамсі на адным баку. Ну, прынамсі большай часткай.




Пераскоквальная, або п’яная, велапаласа становіцца менскім трэндам. Сьпярша хаатычную разьметку зрабілі ад новага музэю ВАВ да вуліцы Ігнаценкі на праспэкце Пераможцаў, цяпер велапалосы зблыталі па дарозе на Чыжоўку.

Не давайце ім больш фарбы, га?

Aug 10, 2014

У цэнтар партызанскімі пуцявінамі

Я калі пабачыў веламаршруты на onbike.by, аж за галаву схапіўся.

Вось як даехаць з канца Партызанскага да цэнтру? Па ходніках побач! З усімі тымі фурамі, МАЗамі, сінім туманам, тлумам ды падзямельнымі пераходамі.

Але чым разводзіць крытыку ды маркоціць добрых ды руплівых пабрацімаў па двуколасьці, лепш дапамагчы, праўда?

У дапамогу Onbike’у ды людем мудрым на подивление — максымальна экалягічны, безмашынны альтэрнатыўны маршрут з блаславёнага Паўднёвага ўсходу нашай сталіцы ў самы ейны цэнтар зь велабанам ды Максімам 5D Горкім.

(Заўвага дробным шрыфтам. На пачатку маршруту круты спуск/пад’ём, толькі для спрактыкаваных ды ўпэўненых, пару чыгунак, на Бехцерава можна пераехаць, калі налаўчыцца, на Антонаўскай давядзецца пешшу)





View Рэкамэндаваныя роварныя маршруты in a larger map

Jul 10, 2014

Ходнікі поўныя нечаканасьцяў - 2014

Абвалілася пліта ходніка на пуцеправодзе па Радыяльнай.

Калі летась паклалі сьвежы асфальт на праезнай частцы, на ходнік увагі не зьвярнулі, хоць там латка на латцы ды расколіна на расколіне.

Цяпер ходнік пачаў развальвацца. Як паказвае досьвед пуцеправода на Ваўпшасава, працэс гэты можа цягнуцца гадамі без асаблівай увагі адказных службаў.

Upd. 11 ліпеня
Неверагодна! Правал цалкам ліквідаваны — заліты цэмэнтам ці што там мае быць.
Нечуваная апэратыўнасьць, зважаючы на тое, што ходнік на суседнім пуцеправодзе на Ваўпшасава гніў гадамі.

Хаатычная разьметка на Пераможцаў

На праспэкце Пераможцаў абнавілі разьметку палос для ровараў і пешаходаў.

Старую сьцерці паленаваліся.

Новую для ровараў нанесьлі сьпярша па левым баку ходніка, потым — зьнянацку — па правым.

У выніку раварысты машуць рукамі на пешаходаў, а пешаходы на раварыстаў — і ўсе (ня) маюць рацыі.

Пешаход справа, раварыст зьлева

А празь некалькі мэтраў — усё наадварот. Раварысты тут з горкі могуць разагнацца да 40 км/г.

Самыя бязглуздыя веластаянкі

Намінант № 1

Jul 7, 2014

Бум

А як усё пачыналася! На ўвесь горад з тузін веластаянках, а правільная зь іх — адна.
Цяпер веластаянкі растуць, як грыбы. Колаўторквалак усё яшчэ болей, але і слушная П-падобная стойка ўжо зусім ня дзіва.








Так што самы час урачыста занядбаць «Кароткі праваднік па менскіх веластаянках», які з калекцыі рарытэтаў пагражае ператварыцца ў пагоню за неабдымным.