Oct 27, 2015

Просты рэцэпт ідэальнай веластаянкі

99% менскай роварнай інфраструктуры зроблена «на адчапіся». Але ж ёсьць месца хараству! На гэтым здымку ідэальна ўсё: правільная форма веластаянкі, прыгожы паліраваны мэтал, і да ўсяго — відэаназіраньне.

Aug 26, 2015

200 км уздоўж мора на пракатным ровары. Ніда, Клайпеда, Паланга, Швянтоі

Навігатараў ня трэба. Маршрут выдатна разьмечаны. Нават кілямэтровыя слупкі часам стаяць. І злуюць — так стараўся, а ўсяго кілямэтар праехаў.

Або мора, або ровар. Усё мора — за дзюнамі.
 Ехаць і любавацца не атрымаецца. Балтыйскае мора адкрывае свае хароствы толькі ўпартым.



У выніку часьцяком здавалася, што еду па сцыклеўскім лесе, толькі асфальтаваным. І я ня ўпэўнены, што хацеў бы, каб сцыклеўскі лес заасфальтавалі.


Інсэкты на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора ўдзесяцёра шпарчэйшыя за нашыя. Аса нейк зрыкашэціла ад брыва ў нутраны бок акуляраў, тады ў шчаку ды паляцела па сваіх звышпільных справах далей.
Пастаяннай мімімішнасьці не чакай

Людзі па берагах жывуць расхрыстана. Без агароджаў, празрыста.


Бераг — усіхны, у тым ліку для раварыстаў, велапаласа — бліжэй да вады. Ніякіх парэнчаў ды засьцярог. Няўважлівых раварыстаў тут жа зьядаюць натаўскія вайсковыя піраньі.


Ёсьць затыкі. Велашлях да Палангі раптам з хвойніка вывальваецца на тыповую літоўскую дарогу — двум грузавікам не разьехацца бязь зьезду на пяшчанае ўзбочча, а тут яшчэ і раварысты.На веладарожцы да Каркле таксама можна гойсаць тутэйшым аўтосам. А шырыня там такая, што камусьці давядзецца з дарогі саскокваць. Абсалютна незразумела, чаму на такім расьпіяраным маршруце літоўцы не зрабілі палоскі асфальту для турыстаў-раварыстаў, тым больш што іх тут бясконцая плынь.

У Паланзе 1-й лініі няма. На першай лініі — дзюны.

Балтыйскае мора не халоднае і ня дужа салёнае Беларус, звыклы купацца ў ледавіковых азёрах, з Балтыкі й вылазіць ня будзе. На Вячы халадней.

Калі ехаць на пляж — то на касу. Калі шчэ трэба рэстарацыі з атракцыёнамі — то ў Палангу. Там насычана-курортна, тлумна і рускім духам пахне.
Паланга

Парк у Паланзе


Швянтоі блякчэйшыя за Палангу, але стараюцца.

Ніда не стараецца, Ніда проста выглядае модна, стылёва й самадастаткова. Але ў Нідзе затока, а да мора — цэлы паход. Уся Ніда адфоткана Street View.
Прыстасаваная для турыстаў дзюна каля Ніды


У Клайпедзе ў цэнтры стаяць сучасныя прыбіральні па 30 цэнтаў. Спэцом разьмяняў. Ніводная не фунцыклюе.

Менская веладарожка ў два пралёты саступіла ў крутасьці клайпедзкай у тры.







Але разам з тым процьма інвалідаў на дарожцы. Напэўна, яны ведаюць іншы шлях.

Пабачыў шмат пляжаў, але пакупаўся ў Клайпедзе — у Гіруляі. Там усе атрыбуты — рыхлы пясок дзюнаў і крывы лес.




Ровар на пракат браў у Du Ratai. Браў і ледзь ня плакаў. Усё ўсярэдненае ды патрапанае. У выніку 200 км давялося накруціць на «камфортніку» з усімі магчымымі спружынкамі.

Вецер заўсёды ў бок.

Klaipėda — Šventoji — Klaipėda

Klaipėda — Nida — Klaipėda

Jun 20, 2015

Грамадзяне, пішыце звароты!

Паўгоду таму на вуліцы Кабушкіна панізілі бардзюры. Выглядала, аднак, гэта так:

І вось веласэзон у самым разгары, процьма раварыстаў штогадзіны едуць па гэтай асноўнай дарозе да менскага велабану, а бардзюры як былі зь небясьпечнымі праваламі, так і стаяць.

Няўжо нікога не зачапіла гэткае нядбальства, ці мо чыноўнікі ігнаруюць звароты? — падумаў я дый напісаў сам.


Прайшло 10 дзён…




Разьметку на велапалосах таксама паправілі.


(На рэбус, які праіснаваў амаль цэлы год, можна паглядзець тут).

Дарагія мае менчукі, найшаноўнейшыя мінчане!
Мой зварот гэтым разам да вас.
Калі штосьці ў зоне вашага камфорту, пад’езьдзе вашага камфорту, раёне вашага камфорту, краіне вашага камфорту зроблена няякасна, не як сьлед, насуперак правілам, стандартам, нарматывам і здароваму сэнсу, не праходзьце міма штодня. Вы ж людзі з актыўнай пазыцыяй, добрым роварам, дзесяціпальцавым наборам і шпаркім доступам у інтэрнэт. Пішыце звароты!

Як паказвае практыка, гэта не балюча, — а проста і эфэктыўна.

І як паказвае практыка, — ніхто ня зробіць гэта за вас.


Jun 7, 2015

Просты спосаб у кароткім часе пазбыцца раварыстаў

135. У жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі рух пешаходаў дазваляецца па тратуары, узбочыне і па праезнай частцы дарогі. Пешаходы маюць перавагу перад транспартнымі сродкамі, але не павінны неабгрунтавана перашкаджаць іх руху.

То бо 1. Езьдзіць раварыстам па жылой зоне не па ходніках ніхто не дазваляў.

То бо 2. У жылой зоне ёсьць свая праезная частка, а значыць выезд з жылой зоны — скрыжаваньне. А з скрыжаваньнямі ўсё проста → ніхто не абавязаны прапускаць раварыста, калі ён едзе не па роварнай дарожцы:

100. Пры павароце налева ці направа кіроўца абавязаны саступіць дарогу пешаходам, якія пераходзяць (перасякаюць) праезную частку дарогі (па пешаходным пераходзе, а пры яго адсутнасці па лініі тратуараў або ўзбочын), на якую ён паварочвае, а таксама веласіпедыстам і коннікам, якія перасякаюць яе адпаведна па веласіпеднай дарожцы і дарожцы для коннікаў.

То бо раварыстам можна ня сьпешвацца на выездах з двароў (там няма пешаходнага пераходу, там толькі «лінія тратуараў»), але машынам, што лятуць з вуліцы ў двор, раварыстаў можна не прапускаць, калі не выезьдзе з двара не намаляваная веладарожка, — то бо ў большасьці выпадкаў.

І ўмоўна кажучы, калі раварыстку дагоніць ззаду і саб’е аўтамабіліст, ён будзе мець рацыю, а можа, яшчэ і абновіць перадок за твой кошт.

Раварысту, каб выжыць на звычайным дваравым выезьдзе, трэба кантраляваць сытуацыю зьлева, справа, ззаду лявей на ПЧ і сьпераду на тым баку ПЧ. Самае цікавае, што аўтамабіль справа, які едзе з прылеглай тэрыторыі, яго мусіць прапусьціць, (але звычайна пра гэта ня ведае).

Пры жаданьні веларух у краіне можна згарнуць за два дні.

Кандыдат, які возьме сабе гэта за палітычную праграму, прыдбае адразу процьму ўдзячнай электральнай базы.

P.S. Венская «Канвэнцыя пра дарожны рух». Артыкул 16, п. 2.
«Пры выкананьні манэўра, зьвязанага зь зьменай кірунку руху, кіроўца мусіць без парушэньня палажэньняў артыкулу 21 гэтай Канвэнцыі ў дачыненьні пешаходаў, прапусьціць удзельнікаў дарожнага руху, якія рухаюцца па праезнай частцы ці па іншых частках той жа дарогі, зь якой ён зьбіраецца выехаць».

P.P.S. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 8. 
Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасьць ім заканадаўства…

Jun 6, 2015

Калі лянотна доўга расказваць пра менскую велаінфраструктуру.

Прасілі панізіць бардзюры? Наце!



Пачатак вуліцы Кабушкіна.
Там такіх тры пары.

Новая веламагістраль з навукова разьлічанай камбінацыяй пакрыцьцяў, сэнсарнай паласой, якая аўтаматычна рассоўваецца пры набліжэньні сустрэчнага раварыста, і ўмантаванымі датчыкамі, якія прыўздымаюць гольле дрэў у залежнасьці ад росту раварыста.
Амстэрдам, Нідэрланды.

трафарэтная інфраструктура

Пешаходы, цяпер, калі ласка, пад мост, як сабе хочаце. Усе пытаньні — да Шорца.

І ўвогуле ў нас велаканцэпцыя буксуе, і хоць вышыня бардзюраў і бярэцца ў агульны мэтраж, — усё адно ня ўпорваемся. Так што хутка будзем велікі й на сьценках маляваць.

Калі сур’ёзна, разьметка нанесена на Запароскай вуліцы акурат перад пуцеправодам з выдатна адрамантаванай праезнай часткай і аварыйным ходнікам зь дзіркамі.

Відаць, такім чынам аўтары задумы мяркуюць пераканаць тых раварыстаў, якія выбіраюць гладкі асфальт, вярнуцца на раструшчаны.

Прывядзеньне ходніка да ўзроўню якасьці суседняй праезнай часткі спрацавала б значна лепш, але б парушыла сталічную велаканцэпцыю стварэньня веладарожак фарбаю і трафарэтам.

Apr 9, 2015

Вясновае раваровае


Усе сваркі між аўтамабілістамі і раварыстамі ня сканчваюцца звычайна нічым, хоць высновы даволі відавочныя:

1. Па праезнай частцы можа ехаць раварыст. Такія справы. Трэба з гэтым неяк жыць. Што самае крыўднае — ён можа ехаць у дадзеным канкрэтным выпадку па праезнай частцы цалкам легальна. А можа і нелегальна — пакуль не саб’еш, не даведаешся.

2. Па пешаходным пераходзе можа ехаць раварыст. Такія справы. Трэба з гэтым неяк жыць. Што самае крыўднае — ён можа ехаць у дадзеным канкрэтным выпадку па пераходзе цалкам легальна. Проста разьметка сьцёрлася, а знакі як на зьдзек — мікраскапічныя. А можа і нелегальна — пакуль не саб’еш, не даведаешся.

Дык вось прасьцей разглядаць раварыста на ПЧ і ПП як норму або непазьбежнасьць — як каму прасьцей.

Ну і варта ведаць, што пазыцыянаваньне раварыстаў у беларускіх ПДР — ня бачаны ў сьвеце экслюзіў. Прычым гэтая інфармацыя тычыцца як і тых, хто «Беларусь — у Эўропу», так і тых, хто за «русский мир».

У сваю чаргу раварыстам трэба мець на ўвазе, што ня рэдкасьць ужо выгадаваныя анлайнэрам аўтамабілісты, якія лічаць, што зьбіты раварыст — выдатная інвэстыцыя ў бясплатны касмэтычны рамонт, ну і паводзіцца адпаведна: усіх аўтамабілістаў падазраваць у неадэкватнасьці і завяршаць манэўр толькі дакладна пераканаўшыся ў бясьпецы і ўзаемаразуменьні.

Прыемным бонусам будзе даведацца, што большасьць аўтамабілістаў — усё ж нармальныя і адэкватныя людзі, а некаторыя нават павітаюць аварыйкай, усьміхнуцца і памашуць рукой. Вядома, калі ў цябе ёсьць люстэрка, фара, катафоты і шлем і што там мае пад шлемам быць.
Такія справы.