Jun 7, 2015

Просты спосаб у кароткім часе пазбыцца раварыстаў

135. У жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі рух пешаходаў дазваляецца па тратуары, узбочыне і па праезнай частцы дарогі. Пешаходы маюць перавагу перад транспартнымі сродкамі, але не павінны неабгрунтавана перашкаджаць іх руху.

То бо 1. Езьдзіць раварыстам па жылой зоне не па ходніках ніхто не дазваляў.

То бо 2. У жылой зоне ёсьць свая праезная частка, а значыць выезд з жылой зоны — скрыжаваньне. А з скрыжаваньнямі ўсё проста → ніхто не абавязаны прапускаць раварыста, калі ён едзе не па роварнай дарожцы:

100. Пры павароце налева ці направа кіроўца абавязаны саступіць дарогу пешаходам, якія пераходзяць (перасякаюць) праезную частку дарогі (па пешаходным пераходзе, а пры яго адсутнасці па лініі тратуараў або ўзбочын), на якую ён паварочвае, а таксама веласіпедыстам і коннікам, якія перасякаюць яе адпаведна па веласіпеднай дарожцы і дарожцы для коннікаў.

То бо раварыстам можна ня сьпешвацца на выездах з двароў (там няма пешаходнага пераходу, там толькі «лінія тратуараў»), але машынам, што лятуць з вуліцы ў двор, раварыстаў можна не прапускаць, калі не выезьдзе з двара не намаляваная веладарожка, — то бо ў большасьці выпадкаў.

І ўмоўна кажучы, калі раварыстку дагоніць ззаду і саб’е аўтамабіліст, ён будзе мець рацыю, а можа, яшчэ і абновіць перадок за твой кошт.

Раварысту, каб выжыць на звычайным дваравым выезьдзе, трэба кантраляваць сытуацыю зьлева, справа, ззаду лявей на ПЧ і сьпераду на тым баку ПЧ. Самае цікавае, што аўтамабіль справа, які едзе з прылеглай тэрыторыі, яго мусіць прапусьціць, (але звычайна пра гэта ня ведае).

Пры жаданьні веларух у краіне можна згарнуць за два дні.

Кандыдат, які возьме сабе гэта за палітычную праграму, прыдбае адразу процьму ўдзячнай электральнай базы.

P.S. Венская «Канвэнцыя пра дарожны рух». Артыкул 16, п. 2.
«Пры выкананьні манэўра, зьвязанага зь зьменай кірунку руху, кіроўца мусіць без парушэньня палажэньняў артыкулу 21 гэтай Канвэнцыі ў дачыненьні пешаходаў, прапусьціць удзельнікаў дарожнага руху, якія рухаюцца па праезнай частцы ці па іншых частках той жа дарогі, зь якой ён зьбіраецца выехаць».

P.P.S. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 8. 
Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасьць ім заканадаўства…

No comments:

Post a Comment