Jun 28, 2016

10 гадоў забароны руху па праезнай частцы

Часам здаецца, што яшчэ крыху — і мяне будуць у школы запрашаць, каб я расказваў небыліцы пра тое, як нібыта езьдзіў па горадзе па праезнай частцы і дарогаю з Малінаўкі да Залатой Горкі абганяў сама меней чатыры тралейбусы. Не таму, што такі вялікі гоншчык, а бо сярэдняя хуткасьць тралейбусаў у Менску 16, а ў маладога нежанатага раварыста >18, — простая задачка па матэматыцы, праўда, дзеці?

І па праезнай частцы езьдзіў не таму, што такі ўжо салавей-разбойнік, а проста правілы такія былі. Даўным даўно, дзеці. Да пачатку сьвету.

Да 2006 году.

Калі на восьмы дзень ад стварэньня сьвету роварам сказалі езьдзіць па ходніках, я паспрабаваў напісаць пешаходам дапаможнік па выжываньні. Мне было відавочна, што ім будзе цяжэй за ўсё, але таксама было ясна, што (глядзі апошні абзац).

Прайшло 10 гадоў. У чыноўнікаў, якія апошні раз бачылі ровар у мультфільме з катом Леапольдам, было дастаткова часу, каб давесьці тэарэтычна ідыёцкую сытуацыю да практычнага абсурду і агрэсіі.

Яны ніколі ня будуць хадзіць у спальным раёне па ходніку ў два мэтры ўшыркі, палова якога адмаляваная на бытта «велапаласу». Таму яны не пабачаць, што з такой размалёўкай побач з мамай ужо ня зьмесьціцца тата, а дзіцё лепш трымаць на кароткім павадку або ў чамадане. А ўявіць — уяўленьня службовыя абавязкі не патрабуюць.

Ты ж бачыў фотку таўстуна зь бітай? Але глядзі не на таўстуна, а на ходнік і «веладарожку». Гэта спальнік. Найбуйнейшы, з нуля пабудаваны спальнік краіны. І ў гэтым чалавешніку — пешаходная дарожка дваім разысьціся, а два ровары ўжо не разьедуцца.


І гэта нават ня самае канфліктнае месца. Бліжэй да «Спартовай» пачнуцца зыгзагі ды ўслоны. Бліжэй да Кунцаўшчыны — броўнаўскі рух на прыпынку. А каля Каменнай Горкі ўвогуле ўсё абарвецца.


Чыноўнікі, якіх мы не выбіраем, зрабілі ўсё, каб звычайны камʼютынґ кожны дзень ператвараўся ў прыватную антыраварыстычную (-пешаходную, -аўтамабілістычную) апэрацыю. Не наўмысьля, зразумела, а проста таму, што прафнепрыдатныя.

А цяпер хатняе заданьне, дзеці. Прафнепрыдатныя — гэта (увага, новы панятак!) эўфэмізм. Прачытайце дома пра эўфэмізм і знайдзіце неэўфэміністычныя адпаведнікі. Запісваць у сшыткі ня трэба. Сустрэнемся на велапалосах.

No comments:

Post a Comment